устройствы, якія пераўтвараюць розныя віды энергіі ў электрычную (у пераменны ток або пастаянны ток). Умоўна падзяляюцца на хім. К.т., у якіх электраэнергія вырабляецца ў выніку акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі (гл.Акісленне-аднаўленне), і фізічныя, якія пераўтвараюць мех., цеплавую, эл.-магн., светлавую, энергію радыяц. выпрамянення і ядз. распаду ў электрычную.
Хімічныя К.т. складаюцца з аднаго або некалькіх гальванічных элементаў. Падзяляюцца на першасныя (аднаразовага выкарыстання; пераважна марганцава-цынкавыя элементы, выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы сілкавання нязначнай магутнасці), другасныя (абарачальныя; электрычныя акумулятары і акумулятарныя батарэі) і паліўныя элементы. Фізічныя К.т. — гідрагенератары, турбагенератары, тэрмаэлектрычныя генератары, магнітагідрадынамічныя генератары, тэрмаэмісійныя пераўтваральнікі энергіі, сонечныя батарэі, ядзерныя батарэі і інш. Ад хім. і фіз. К.т. адрозніваюць крыніцы другаснага электрасілкавання, якія пераўтвараюць адзін від эл. энергіі або яе параметры ў другія (трансфарматары электрычныя, выпрамнікі току, інвертары і інш.).
В.І.Вараб’ёў.
Крыніцы току і віды энергіі, якія пераўтвараюцца імі ў электрычную энергію: КТ — крыніцы току; МЭ, ЦЭ, ХЭ, СЭ, АЭ — механічная, цеплавая, хімічная, сонечная, атамная энергіі.